ВЕЧАРЫНЫ З НАГОДЫ СУСВЕТНАГА ДНЯ ПАЭЗІІ ПРАЙШЛІ Ў БДУ

Напярэдадні сусветнага Дня паэзіі, які згодна з рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА прынята святкаваць 21 сакавіка, актывісты Белай Русі БДУ правялі дзве паэтычныя вечарыны.

20 сакавіка  аматараў мастацкага слова запрасілі ў навуковую залу Фундаментальнай бібліятэкі БДУ на  паэтычную вечарыну «Як жыць, дык жыць для Беларусі. А без яе – зусім не жыць!».

Імпрэза была прысвечана малавядомым беларускім пісьменнікам 20 — 30-х гадоў, якія былі сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы, але лёсы іх склаліся вельмі няпроста. Усе яны паспыталі «ласку» рэпрэсій і турмаў. Адны былі закатаваны і растраляны, другія многія гады грэліся ля чужога вогнішча, ці склалі галовы на чужыне. На вечарыне гучалі вершы Алеся Дудара, Міхася Чарота, Юлія Таўбіна, Ларысы Геніюш, Язэпа Пушчы, Тодара Кляшторнага і Масея Сяднёва ў выкананні студэнтаў БДУ, удзельнікаў Клуба аматараў мастацкага слова “КлумБа”.

Вечарына ладзіцца ў межах сумеснага з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам “Звязда” праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прысвечанага літаратарам міжваеннага часу (1920-1930-я гг.).

Да свята паэзіі была прымеркавана і літаратурная вечарына “І зноў душа паэзіяй напоўнена”, якая адбылася 21 сакавіка ў Медыятэцы імя прафесара М.Я. Цікоцкага на факультэце журналістыкі БДУ.

На вечарыне выступіў паэт, перакладчык, даследчык тэорыі і практыкі рэдагавання, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі Пятро Жаўняровіч, які распавёў пра апошнюю нізку вершаў у газеце “Літаратура і мастацтва”, адказаў на пытанні студэнтаў.

Прачытаў прыгожыя і ўзнёслыя вершы аўтар зборнікаў  «Паміж небам і багнаю» (1997), «Эстэтыка маўчання» (2011), знаўца тэорыі літаратуры і паэзіі Рыгора Барадуліна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання Аляксандр Дуброўскі (таксама вядомы як Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў). Паэт у гутарцы са студэнтамі падзяліўся ўласнымі думкамі наконт творчай эвалюцыі, звязанай з узростам, наконт істотнай ролі ведання літаратуры і неабходнасці тэарэтычнай падкаванасці для вершаскладання, наконт уплыву на яго вершы іншых аўтараў (напрыклад, Р. Барадуліна).

Аўдыторыя неверагодна цёпла сустрэла творцу, перакладчыка, журналіста, паэта, на вершы якога спявае Зміцер Вайцюшкевіч, удзельніка нефармальнага літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ», стваральніка і тэарэтыка логафармізму, творчага метаду сучаснай візуальнай паэзіі, старшага выкладчыка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Арцёма  Кавалеўскага. Арцём Мікалаевіч выступіў з інтымнай лірыкай. У дыялогу з публікай ён прызнаўся, што праца са студэнтамі часта дае зарад энергіі і натхняе яго на творчасць.

Пасля першага паэтычнага блока студэнты 2 курса Ягор Рудачэнка і Настасся Гаргун правялі цікавую літаратурную віктарыну.

Публіка актыўна адказвала на пытанні, за слушныя адказы прысутныя атрымлівалі прызы. У другой паэтычнай частцы выступілі з вершамі студэнты факультэта журналістыкі. Усе прысутныя ўпэўніліся, што, сапраўды, паэзія яднае журфак.

Супрацоўнікі Медыятэкі імя прафесара М.Я. Цікоцкага падрыхтавалі надзвычай інфарматыўную выставу “Паэтычны журфак” з кнігамі і публікацыямі журфакаўскіх творцаў.

 

 

 

 

Вам может также понравиться...